Гісторыя з экатропай «Бацькавы сцяжынкі» каля вёскі Хімы атрымала нечаканы працяг. Яшчэ нядаўна мясцовыя дзяржСМІ актыўна рэкламавалі новую славутасць, затым пачалі скардзіцца на смецце і пашкоджаныя аб’екты, а цяпер Аршанскі лясгас вырашыў зрабіць наведванне платным. З 17 жніўня за прагулку давядзецца аддаць 5 рублёў з чалавека.
Чытайце таксама: «Аршанская газета» прапіярыла экалагічную сцежку «Бацькавы сцяжынкі», а цяпер пагражае наведвальнікам штрафамі
Чаму ўваход на экасцежку зрабілі платным
Пры адкрыцці экатропы яе прадстаўлялі як новую цікавую лакацыю Аршанскага раёна: расказвалі пра арэлі, лясныя гульні, інтэрактыўныя пляцоўкі і іншыя аб’екты. У выніку месца атрымала добрую рэкламу, туды пачалі прыязджаць людзі.
Але ўжо праз месяц тон публікацый змяніўся. «Аршанская газета» паведаміла, што работнікі лясніцтва знаходзяць смецце і пашкоджаныя элементы, а лясгас узмацняе дзяжурствы і пагражае парушальнікам адміністрацыйнай адказнасцю. Пры гэтым у наведвальнікаў узнікала пытанне, чаму не дапамагаюць камеры фота- і відэаназірання, якімі пры адкрыцці экатропы асобна хваліліся.
Цяпер з’явілася яшчэ адна праблема — занадта вялікая цікавасць з боку арганізаваных груп. Аршанскі лясгас заявіў пра «нядобрасумленнае выкарыстанне» экатропы турыстычнымі кампаніямі і ўладальнікамі аграсядзіб. Паводле версіі лясгаса, тыя праводзяць платныя экскурсіі, але нічога не ўкладаюць ва ўтрыманне тэрыторыі.
Вырашылі праблему радыкальна: плаціць цяпер будуць увогуле ўсе. Адзіны білет для дарослых і дзяцей каштуе 5 рублёў. Вялікая альтанка дадаткова абыдзецца ў 20 рублёў за гадзіну, маленькая — у 15.
Камерцыйныя экскурсіі таксама проста так праводзіць больш нельга. Выключнае права на іх атрымаў Турыстычны інфармацыйны цэнтр Аршанскага раёна, які павінен заключыць дамову з лясгасам. Атрыманыя грошы абяцаюць накіроўваць на ўборку, утрыманне і развіццё экатропы.

Чытайце таксама: «Как исполнять? Одного пускать, другого — нет?» Ограничение посетителей Голубой криницы раскритиковали даже депутаты
Мясцовыя жыхары сумняваюцца, што экасцежка будзе папулярнай
Навіна чакана спадабалася далёка не ўсім. «Цікава! Уваход у лес платны. Гэта толькі адкрылі і зрабілі, таму шмат ходзяць і распіярыли», — напісаў адзін з карыстальнікаў. Ён нагадаў, што ў Барані ёсць бясплатная экатропа, якую чалавек развівае сваімі сіламі разам з валанцёрамі.
Іншыя здзівіліся цане: «То-бок, калі мы прыедзем усёй сям’ёй з пяці чалавек: двое дарослых, трое дзяцей, малодшай чатыры гады, нам трэба заплаціць 25 рублёў проста за тое, каб паглядзець?», «Дорага», «Як дорага, ого!».
Хтосьці ўжо сумняваецца, што пасля ўвядзення платы ўвогуле захоча туды ехаць: «Мы там побач з варотамі праязджалі яшчэ калі было бясплатна. І моцнага жадання наведаць не было». Узнікла і практычнае пытанне: экатропа знаходзіцца ў лесе і падысці да яе можна з розных бакоў — ці азначае гэта, што цяпер давядзецца ўсталёўваць плот?

Зрэшты, частка каментатараў рашэнне падтрымала. На іх думку, бясплатныя аб’екты людзі часта не цэняць, а грошы дапамогуць утрымліваць тэрыторыю ў парадку.
У выніку атрымалася даволі паказальная гісторыя. Спачатку экатропу актыўна рэкламавалі і прыцягвалі туды наведвальнікаў. Затым высветлілася, што з наступствамі папулярнасці — смеццем, пашкоджаннямі і патокам арганізаваных груп — справіцца не атрымліваецца. Цяпер з’явіўся платны ўваход, які ўжо сам па сабе можа скараціць колькасць ахвотных прыехаць.
Ёсць у гісторыі і яшчэ адна асаблівасць. Экатропу назвалі «Бацькавы сцяжынкі», паколькі яна знаходзіцца непадалёк ад малой радзімы Аляксандра Лукашэнкі. Цікава, як бы сам Лукашэнка адрэагаваў, даведаўшыся, што прагулка па «сцяжынках» у яго гонар цяпер каштуе 5 рублёў з чалавека. Ці дойдзе да яго гэтая навіна — паглядзім.
Чытайце таксама: «Аршанская газета» здзівілася, як у горадзе паркуюць электрасамакаты. Жыхары лічаць, што сітуацыя яшчэ горшая
Будь на связи и в безопасности: подключи BGlobal VPN
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро


Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: