Беларуская культурная спадчына ў сучаснай модзе і мастацтве: саламяны павук, вышыўка і Vogue

Беларускі код»: ад саламянага павука да Vogue — як спадчына выходзіць у свет

30.10.2026 07:42

Традыцыйныя абрады ператвараюцца ў міжнародныя фэсты, саламяныя вырабы трапляюць на старонкі Vogue, а пад фолькавыя матывы танчаць у еўрапейскіх клубах.
Читайте BGmedia в:

Традыцыйныя абрады ператвараюцца ў міжнародныя фэсты, саламяныя вырабы трапляюць на старонкі Vogue, а пад фолькавыя матывы танчаць у еўрапейскіх клубах. Разбіраемся на канкрэтных прыкладах, як беларуская культура ў эміграцыі перастае быць супольным успамінам і ператвараецца ў модную сучасную практыку.

Саламяныя завушніцы на старонках Vogue і Elle

Міленіалы ўспомняць, што на пачатку 2000-х вырабы з саломы можна было пабачыць бадай толькі ў музеях ці ў брэсцкім ЦУМе. Ужо тады ўзнікала пытанне: каму яны патрэбныя? Але беларуская дызайнерка Наста Васючанка вярнула саламяныя вырабы ў новым выглядзе, і яны трапілі на старонкі модных часопісаў як унікальныя ўпрыгажэнні.

Заснавальніца брэнда KANVA прыдумала завушніцы з саломы і пярлін, якія сёння носяць беларускія модніцы па ўсім свеце. Замест капіявання народных форм Наста перакладае геаметрыю традыцыйнага павука на мову сучаснага мінімалізму.

Сёння пра яе пішуць польскія Vogue і Elle, а сама мастачка ўвайшла ў прэстыжны спіс перспектыўных беларускіх прафесіяналаў Next35. Для яе праца са спадчынай — гэта і «лекі ад хандры па-беларуску», дзе салома спалучаецца з арамадыягностыкай, і спосаб самаідэнтычнасці. Як прызнаецца мастачка: «Быць беларускай — гэта складана, але сэксі».

Беларуская спадчына ў сучаснай модзе: саламяныя ўпрыгажэнні, вышыўка і публікацыя Vogue Polska пра KANVA
Ілюстрацыя BGmedia, створаная з дапамогай ШІ. Выкарыстаны фрагмент публікацыі Vogue Polska пра брэнд KANVA.

Выжыванка на старонках The Guardian і ў галерэях Еўропы

Раней у беларускіх хатах і нават гарадскіх кватэрах нашы бабулі вышываным ручніком накрывалі тэлевізары. Сёння такіх вялікіх тэлевізараў ужо няма, а сама вышыўка выйшла за межы хатняга дэкору. Спробаў зрабіць беларускі арнамент модным было нямала: піксельныя бел-чырвона-белыя ўзоры з’яўляліся на сувенірах, у праектах турыстычнага брэнда Беларусі і нават на форме футбольнага клуба БАТЭ, але часта гэта выглядала проста спробай адпавядаць лакальным трэндам.

Ураджэнка Гродна мастачка Руфіна Базлова пад уражаннем беларускіх пратэстаў прыдумала канцэпт «выжыванкі» і ператварыла традыцыйны арнамент у мову крафтывізму — спалучэння рамяства і актывізму.

Выхаваная ў мастацкіх акадэміях Прагі, Базлова звярнулася да прынцыпу вышыванкі як да тэксту і сакральнага кода. Яна пачала ствараць арнаментальныя хронікі, фіксуючы сучасныя падзеі і сюжэты. Пазней гэта перарасло ў маштабны міжнародны праект #FramedInBelarus, дзе людзі па ўсім свеце — ад Вільнюса да Нью-Ёрка — збіраюцца на воркшопы, каб разам вышываць партрэты беларускіх палітвязняў.

Работы Базловай выстаўляліся ў Музеі дызайну ў Хельсінкі, арт-цэнтры Kumu ў Таліне, Музеі сучаснага мастацтва MOCAK у Кракаве, а пра яе тэхніку пісалі The Guardian, Euronews і Hyperallergic.

Інсталяцыя #FramedInBelarus Руфіны Базлавай і Stitch It Collective на Biennale Matter of Art у Празе
Інсталяцыя #FramedInBelarus Руфіны Базлавай і Stitch It Collective на Biennale Matter of Art у National Gallery Prague. Фота: Jan Hromádko.
Вышытыя працы пра беларускіх палітвязняў у інсталяцыі #FramedInBelarus на Biennale Matter of Art у Празе
Фрагмент інсталяцыі #FramedInBelarus Руфіны Базлавай і Stitch It Collective на Biennale Matter of Art у National Gallery Prague. Фота: Jan Hromádko.

Беларускі фолк на Tallinn Music Week і еўрапейскіх рэйвах

Аўтэнтныя бабуліны спевы, запісаныя на магнітафонныя стужкі ў палескіх экспедыцыях, перавандравалі на еўрапейскія рэйвы і шоўкейсы. Беларускія музыкі змаглі ператварыць архаічныя замовы ў клубны фармат, зразумелы берлінскай ці амстэрдамскай публіцы.

Гэта трансфармацыя пачалася ў Мінску 2010-х з гурта SHUMA пад кіраўніцтвам Русі. Яны перавярнулі ўяўленне пра фолк, уплятаючы першабытны спеў у deep house і techno. SHUMA прапанавала жывы гук, які вывеў гурт на галоўныя еўрапейскія шоўкейсыallinn Music Week і Eurosonic у Нідэрландах і Eurosonic у Нідэрландах.

Новую хвалю падхапіла Iva Sativa (Ірына Купцэвіч), якая злучыла этна-спевы з вострым рэпам і брэйкбітам. Слухачы пад яе кліпамі «Коса» і «Канапель» фіксуюць «візуальны экстаз» ад кінематаграфічнага прадакшану, заўважаючы, што працы «на Еўрабачанні былі б пушкай», і дзякуючы за містыку: «Гэта Беларусь, ёў! Ніколі не ведаеш, калі той сусвет апынецца поруч».

Руся з гурта SHUMA падчас выступу, дзе беларускі фолк спалучаецца з электроннай музыкай
Руся, вакалістка гурта SHUMA, падчас выступу. Гурт пераасэнсоўвае беларускі фолк праз электронную музыку. Фота: Віктар Талочка / Sputnik.

Купальскія вянкі ў рацэ Гудзон у Нью-Ёрку

У Польшчы і Літве беларускае Купалле супадае з мясцовымі святамі Noc Kupały і Rasos, таму счытваецца публікай без дадатковых тлумачэнняў. Але чым далей ад Беларусі, тым больш з’яўляецца новых фарматаў і назваў: у Берліне свята праходзіць на возеры Tegeler See у выглядзе супольнага пікніка, у Празе вянкі пускаюць па Влтаве падчас Svatojánská noc, а ў Нью-Ёрку — уздоўж ракі Гудзон пад назвай Kupala Night.

У Грузіі абрад ператварыўся ў фестываль Kupalle Forest Camp Fest у Асурэці. Гэта трохдзённы open-air у горах з трыма сцэнамі, дзе этна-спевы спалучаюцца з электроннымі сеткамі, арт-маркетам і кемпінгам.

Людзі святкуюць Купалле ў Беларусі каля вогнішча, танцуюць і водзяць карагоды
Купалле — традыцыйнае свята летняга сонцастаяння, якое звычайна адзначаюць у самую кароткую ноч лета; падчас святкавання запальваюць вогнішчы, плятуць вянкі, водзяць карагоды, спяваюць песні, скачуць праз агонь і сустракаюць світанак купаннем. Фота: Lookby Media.

Архівы VEHA: ад сямейных альбомаў да фестывалю CPH:DOX у Капенгагене

Ініцыятыва VEHA, заснаваная ў 2017 годзе мастачкай і куратаркай Лесяй Пчолкай, даследуе візуальную гісторыю Беларусі праз прыватныя сямейныя фотаархівы XX стагоддзя. Праз фармат open call праект алічбоўвае і рэтушуе аматарскія здымкі, пакідаючы арыгіналы ў сем’ях і сістэматызуючы мікрагісторыі ў даследчыя кніжныя серыі.

Сярод выдадзеных праектаў — «Найлепшы бок» (святочныя партрэты на фоне тканых дываноў), «Людзі лесу» (даследаванне сувязі з прыродай), а таксама серыі «Старая зямля», «Зямны рай» і «Руіны Беларусі».

Даследчы падыход забяспечыў ініцыятыве інстытуцыйную прысутнасць у Еўропе. Праект быў адзначаны прэміяй Biz4all у Брусэлі і трапіў у шорт-ліст Прэміі імя Міхала Анемпадыстава. Аналіз беларускіх сямейных архіваў як інструмент дэкаланізацыі прэзентаваўся на дакументальным фестывалі CPH:DOX у Капенгагене, а персанальныя выставы і артыст-токі прайшлі ў галерэях Берліна, Гётэборга, Любліна і Варшавы.

 

«Экспартны код»: двухузроўневы шыфр беларусаў

Усе гэтыя практыкі паказваюць, што беларусы ў эміграцыі не проста спрабуюць захаваць сваю спадчыну як архіў ці экспанаты для ўмоўных музеяў у Новай Беларусі. Яны не чакаюць Новай Беларусі, а шукаюць спосабы рабіць беларускае модным, прыкладным і зразумелым для замежнікаў ужо сёння.

У выніку беларусы выпрацавалі двухузроўневы «экспартны код». Яго знешні пласт працуе як універсальны і якасны прадукт, зразумелы замежнаму гледачу ці слухачу без дадатковых тлумачэнняў. Унутраны ж пласт утрымлівае глыбокі сэнс і нацыянальны шыфр, які, падобна да карпаратыўнага гумару, счытваецца толькі тымі, хто знаходзіцца ўнутры кантэксту.

Сучасная беларуская культура як спалучэнне традыцыі, памяці і гарадскога міжнароднага кантэксту
Беларуская спадчына мяняе форму, але захоўвае свой унутраны код — ад традыцыйных матываў да сучаснага мастацтва і гарадской культуры. Ілюстрацыя BGmedia, створаная з дапамогай ШІ.

 

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: